З АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ ШКОЛЫ — У МУЗЫЧНУЮ… - 11 Ноября 2009 - Сайт города Дрогичина
Среда, 16.05.2012, 23:53 | Приветствую Вас Гость | Регистрация | Вход



Главная
» 2009 » Ноябрь » 11 » З АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ ШКОЛЫ — У МУЗЫЧНУЮ…
14:48
З АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ ШКОЛЫ — У МУЗЫЧНУЮ…

Цікавая рэч: зараз няма праблем паслухаць любімую музыку, бо магнітафон, тэлевізар, плэер ці камп’ютар ёсць ці не ў кожным сучасным доме. Аднак жа пры гэтым не змяншаецца колькасць дзяцей, якія імкнуцца спасцігаць таямніцы жывой музыкі і жадаюць навучыцца іграць на розных музычных інструментах. Добрай адметнасцю нашага часу і цяперашняй дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца тое, што развіваць свае творчыя здольнасці і авалодаць музычнай граматай зараз без праблем могуць не толькі гарадскія, але і сельскія школьнікі. Да прыкладу, у нашай вёсцы Бездзеж таксама ёсць музычная школа. Як адзначае яе дырэктар Святлана Трафімаўна Шумак, найбольш запатрабаванымі сярод дзяцей і іх бацькоў з’яўляюцца класы баяна і акардэона, а ўжо ў працэсе ўрокаў некаторыя вучацца іграць на гітары і фартэпіяна, іншых музычных інструментах.

Зразумела, што такое захапленне патрабуе і часу, і самаадданай працы. Але ж не ўсім хочацца перанапружвацца дзеля дасягнення нейкай мэты, і таму многія супакойваюць сябе, згадваючы вядомую прыказку: маўляў, за двума зайцамі пагонішся – ніводнага не зловіш. Мне ж захацелася даведацца і прааналізаваць, як спраўляюцца тыя хлапчукі і дзяўчынкі, якія наведваюць адразу дзве школы: звычайную агульнаадукацыйную і музычную. Нагрузка ж вельмі сур’ёзная.

Прыходзіцца займацца, лічы, цэлы дзень, а вечарам рыхтаваць урокі ў абедзьве. Музычная школа хоць і лічыцца не абавязковай, але часу на падрыхтоўку ўрокаў вымагае нямала. Па словах дырэктара гэтай установы С.Т.Шумак, каб добра авалодаць музычным інструментам, трэба па адной толькі спецыяльнасці займацца штодня не менш за гадзіну. Плюс астатнія прадметы: музычная літаратура, сальфеджыо, ансамбль, хор… Як тлумачыць Святлана Трафімаўна, расклад урокаў у музычнай школе падабраны індывідуальна для кожнага вучня з тым разлікам, што ён не павінен замінаць вучобе ў агульнаадукацыйнай школе. Хаця зразумела, што калі нехта з дзяцей, акрамя ўсяго, хоча паспець паўдзельнічаць у гуртках, алімпіядах ці спартыўных мерапрыемствах, яму ў пэўнай меры даводзіцца ахвяраваць адпачынкам. Бывае і такое, што нехта не вытрымлівае такога напружанага рытму і кідае заняткі ў “музыкалцы”.

І ўсё ж многія з маіх равеснікаў нейкім чынам паспяваюць злавіць тых самых “двух зайцоў” – урокі ў агульнаадукацыйнай і музычнай школе – і пры гэтым зусім не выглядаюць вельмі заклапочанымі і стомленымі. Як ім тое ўдаецца?

Пагаварыўшы з вучнямі Бездзежскай музычнай школы, высветліла, што педагогі-музыканты разумеюць іх загружанасць і імкнуцца як мага больш ведаў і практыкі паспець даць на ўроку. Ёсць і другія важныя арганізацыйныя моманты. Да прыкладу, дзесяцікласнік Іван Ярмац лічыць, што спраўляцца з дадатковай нагрузкай яму дапамагаюць зручна размеркаваныя заняткі. Прынамсі, яму ў музычную школу трэба хадзіць толькі тры разы на тыдзень: у паня-дзелак і аўторак – па аднаму ўроку, у сераду – чатыры.

І ўсё роўна, як сцвяр-джаюць мае суразмоўнікі, каб усюды паспець, трэба разумна планаваць свой час. Прадуманы графік і рэжым дня дазваляюць нават выкраіць хвілінкі на прагляд тэлевізара і вулічныя прагулкі. Таму і ў Вані Ярмаца, і ў Віці Кочыка, і ў Светы Здановіч, і ў многіх іх равеснікаў, якія акрамя агульнаадукацыйнай, наведваюць і музычную школу, усё атрымліваецца. Бо ў іх ёсць мэта і яны прыкладаюць уласныя намаганні, каб дасягнуць яе.

Вось і сёлета адразу чацвёра выпускнікоў Бездзежскай музычнай школы сталі студэнтамі розных творчых устаноў рэспублікі. Руслан Крэйдзіч паступіў у Брэсцкі музычны каледж імя Шырмы, Максім Каласей – у Пінскае вучылішча мастацтваў, Анатоль Зіновіч – у Гродзенскі педагагічны каледж, а Аляксей Радэня – у Гродзенскае музвучылішча. Так што магчымасці рэалізаваць свае таленты цяпер ёсць у многіх. Было б жаданне…

Кацярына КАРПІК,
юнкор РЦВР, Бездзежская АСШ.
Категория: Газетные вырезки | Просмотров: 396 | Добавил: SiteAdmin
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email:
Код *:


Источник :«Дрогичинский вестник»