Город Дрогичин
Главная » 2009 » Ноябрь » 11 » ДА 70-ГОДДЗЯ ЎТВАРЭННЯ РАЁНА
15:11 ДА 70-ГОДДЗЯ ЎТВАРЭННЯ РАЁНА | |
| Нашы Героі Сацыялістычнай Працы
Мне часта даводзіцца сустракацца з сучаснымі юнакамі і дзяўчатамі, гутарыць з імі. У асноўным нічога дрэннага пра іх сказаць не магу. Аднак іншы раз насцярожвае іх раўнадушнасць і пасіўнасць да асобных падзей, што адбываюцца ў нашым грамадстве. І яшчэ некаторыя маладыя людзі, як гаворыцца, доўга не могуць знайсці сябе – нідзе не працуюць і не вучацца. А вось запатрабаванні ў іх вялікія. Яны хочуць мець усё і адразу. Але ж у жыцці так не бывае. Аб гэтым яскрава сведчаць і факты з працоўнай дзейнасці старэйшага пакалення. 15 студзеня 2010 года мы будзем адзначаць 70-годдзе з дня ўтварэння нашага раёна. Нялёгкі і складаны шлях давялося прайсці за гэты час многім жыхарам Драгічыншчыны, на долю якіх выпала і фашысцкая акупацыя, і цяжкія пасляваенныя гады. Аднак нашы землякі, нягледзячы на ўсе нягоды і выпрабаванні, заўсёды шчыравалі на розных участках вытворчасці. Яны не марылі аб славе, слава сама знаходзіла іх. Многія ўдастойваліся высокіх узнагарод Радзімы. Сярод іх – Героі Сацыялістычнай Працы Сцепаніда Піліпаўна Ільючык і Пётр Якаўлевіч Грыцук. Сёння я і хачу расказаць пра гэтых легендарных людзей. На жаль, іх ужо няма ў жывых, яны пакінулі гэты свет, але засталася добрая і светлая памяць пра іх. МАЦІ-ПРАЦАЎНІЦА
Нарадзілася Сцепаніда ў 1912 годзе ў беднай сялянскай сям’і. Бацькоў не памятала. Ёй было толькі паўтара года, як памерла мама, а яшчэ раней смерць забрала бацьку. Засталася са старэйшай сястрой. Спаўна давялося зведаць усю гаркоту сіроцтва. Каб як-небудзь пракарміцца, сёстры працавалі з ранку да вечара. Старэйшая сястра замяніла ёй і бацьку, і маці. Але ў дванаццацігадовым узросце Сцепаніда вымушана была пайсці на службу нянечкай: спачатку ў сям’ю польскага адваката, затым – да багатых яўрэяў. ![]() Бег час. Сцепаніда пасталела, стала прывабнай дзяўчынай. Неўзабаве з нянечкай Сцешай пазнаёміўся малады хлопец Трафім Ільючык. Ён у далейшым стаў добрым мужам, клапатлівым бацькам і старанным працаўніком. Маладыя сваю гаспадарку завялі, а вось поўнага задавальнення ад жыцця не мелі. Ды і адкуль яму было быць, калі не мог тады чалавек адчуваць сябе гаспадаром свайго лёсу. Пры жыцці Сцепаніда Піліпаўна часта ўспамінала вераснёўскія дні 1939 года. Тады адцвітала сваімі фарбамі бабіна лета, а для людзей была вясна – вясна новага жыцця. Прыйшла яна з воінамі Чырвонай Арміі, што ўвайшлі ў Драгічын і якіх сустракалі з кветкамі і хлебам-соллю. Усе радаваліся вызваленню ад прыгнёту польскіх памешчыкаў і асаднікаў, абнімаліся і цалаваліся. Аднак нядоўгай была радасць. Азмрочылі яе нямецка-фашысцкія захопнікі. “Новы парадак” – новыя страшныя законы. Але і ў час вайны жыццё ў хаце Ільючыкаў працягвалася – нараджаліся дзеці. Іх Сцепаніда Піліпаўна і Трафім Фаміч выхавалі васьмёра: пяцёра дачок і трое сыноў. Выгадавалі самі, без пабочнай дапамогі. Праўда, ужо пасля вайны пачалі на іх атрымліваць невялікую дзяржаўную выплату. І ўсе іх нашчадкі ў далейшым атрымалі адукацыю, сталі дастойнымі людзьмі. У пасляваенныя гады многае, як кажуць, прыходзілася ствараць на голым месцы, з нуля. У прыватнасці, у хуткім часе пачалі арганізоўвацца калгасы. У адным з іх, імя Жданава, што дзей-нічаў у ваколіцах Драгічына, Сцепаніда працавала ў паляводстве. Але чамусьці цягнула ў жывёлагадоўлю. Таму неўзабаве свінаркай стала. Ой, і нялёгка маладой жанчыне даводзілася. Тады ж усе працаёмкія працэсы на фермах выконваліся ў асноўным уручную. Праўда, і радасцей было нямала. Яна адчувала сябе шчаслівай і калі папоўніла рады перадавікоў, і калі за высокія працоўныя дасягненні Ганаровую грамату і грашовую прэмію атрымала. У 1954 годзе ў нашай рэспубліцы праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Кандыдатам у дэпутаты вышэйшага заканадаўчага органа вылучылі і С.П.Ільючык. Яна тады вельмі здзівілася: “Няўжо я дэпутатам змагу быць?”. Але старшыня калгаса развеяў яе сумненні, сказаў: “Добра ведаем цябе, Піліпаўна, як добрасумленнага чалавека. Ва ўсіх карысных справах ты заўсёды першая і на сходах актыўная. Дзе трэба пакрытыкаваць, нікога і нічога не ўтойваеш, гаворыш праўду ўсім у вочы. І працуеш лепш за іншых…” Быць слугой народа – пачэсна і ганарова. Да дэпутаткі часта прыходзілі выбаршчыкі са сваімі скаргамі, просьбамі і праблемамі. І кожнага Сцепаніда Піліпаўна ўважліва выслухоўвала, дапамагала. Глядзіш, аднаму чалавеку па яе звароту лесаматэрыял выпісалі, другому – дом адрамантавалі, трэцяму – матэрыяльную падтрымку аказалі… Дэпутаткай яна была два скліканні. А гэта нямнога-нямала – каля дзесяці гадоў. Старанна выконваючы грамадскія даручэнні, наказы выбаршчыкаў, і аб асноўнай сваёй рабоце не забывалася. Пра С.П.Ільючык часта пісалі ў газетах, у тым ліку і ў рэспубліканскіх. Справа ў тым, што Сцепаніда Піліпаўна стала перадавой свінаркай не толькі раёна, але і вобласці. Дарэчы, з 1954 года яна з’яўлялася пастаяннай удзельніцай Усесаюзнай гаспадарчай выстаўкі ў Маскве. — Няўрымслівая ты, Піліпаўна, – часта гаварылі ёй суседзі, знаёмыя. — А як жа інакш, — адказвала жанчына. – Дэпутат павінен паказваць прыклад ва ўсім. У паўсядзённых клопатах непрыкметна бег час. Усё было: і трывогі, і радасці, але апошніх больш. У 1958 годзе за высокія вытворчыя паказчыкі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР С.П.Ільючык было прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Да яе ордэна “Мацярынская слава” прыбаві-ліся ордэн Леніна і залаты медаль “Серп і молат”. Яе шчыра віншавалі і на рабоце, і дома ў сям’і. Сцепаніда Піліпаўна ў такіх выпадках гаварыла: — Без вашай падтрымкі і дапамогі я героем не стала б... Вось такая была яна, С.П.Ільючык, маці-працаўніца, сапраўдны патрыёт Радзімы. Яна шчыра любіла сваю краіну, лю-дзей, з якімі жыла і працавала побач. 15 гадоў яна ўзорна адпрацавала на жывёлагадоўчай ферме. А выйшаўшы на заслужаны адпачынак, таксама без справы не сядзела. Трымала ўласную гаспадарку, часта выступала перад вучнямі ў школах. Пры гэтым любіла паўтараць: — Каб шчаслівым быць, трэба найперш працаваць старанна. Праца – гэта аснова жыцця, крыніца дастатку і багацця. СЛАВА ГРЫЦУКА
Шлях да Героя Сацыялістычнай Працы ў Пятра Якаўлевіча Грыцука быў нялёгкім і складаным. Нарадзіўся ён у 1927 годзе ў вёсцы Імянін. З дзяцінства спазнаў гора і нястачу, горкі лёс існавання пры буржуазна-памешчыцкай Польшчы. 14-гадовым падлеткам зведаў жахі вайны. Крыху пазней стаў сувязным партызан. Часта насіў, а іншы раз і на падводзе дастаўляў у лес народным мсціўцам прадукты харчавання, медыкаменты, перадаваў каштоўныя звесткі аб дыслакацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў у навакольных населеных пунктах. ![]() Пасля вайны малады хлопец застаўся ў роднай вёсцы. Тут уступіў у калгас. Стараўся працаваць так, як падказвала яму сумленне хлебароба, які выхаваўся ў дружнай сялянскай сям’і. Спачатку Пётр быў паляводам, потым разам з бацькам цяслярнічаў у мясцовай будаўнічай брыгадзе. А будаваць тады, у пасляваенныя гады, прыходзілася многа. Узводзілі памяшканні для жывёлы, школы, магазіны і г.д. Праз некаторы час яго прызвалі на службу ў рады Савецкай Арміі. Звольніўшыся ў запас, вярнуўся ў родныя мясціны і доўга не адпачываў. Працоўную біяграфію на гэты раз вырашыў прадоўжыць конюхам. У тыя часы ў сель- скай гаспадарцы коні адыгрывалі асноўную ролю. Таму і карміць іх трэба было сытна, своечасова паіць. Вось тады Пётр Грыцук і спазнаў сакрэты догляду жывёлін. І набыты вопыт вельмі спатрэбіўся, калі ў 1956 годзе ён пачаў працаваць на адкорме буйной рагатай жывёлы. Што і казаць, на першых парах вельмі цяжка прыходзілася. Справа ў тым, што Грыцук займаўся не толькі адкормам бычкоў на мяса, але і вырошчваннем цялушак для ўзнаўлення дойнага статка. Іншы раз не хапала ўдосталь кармоў, жывёліны часта хварэлі. Некаторыя даглядчыкі не вытрымлівалі выпрабаванняў на ферме, пакідалі работу. Але не такім быў Пётр Якаўлевіч – ён заўсёды браў на сябе крыху больш, чым іншыя. Беглі працоўныя будні. Шмат мянялася і ў жыцці даглядчыка. Неўзабаве ён заваяваў сабе добрую славу не толькі на Драгічыншчыне, але і далёка за яе межамі. Ён адным з першых на Брэстчыне дабіўся на адкорме рэкордных сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе жывёлы – 1000 грамаў на кожную галаву. А сярэдняздатачная вага кожнага кормніка ў яго групе звычайна складала 450 кілаграмаў. Уся жывёла адпраўлялася на мясакамбінаты вышэйшай укормленасцю. І вось высокая ўзнагарода Радзімы за старанную працу. Пад бурныя гарачыя апладысменты і гукі духавога аркестра яму, П.Я.Грыцуку, радавому працаўніку, моцна паціскаюць руку, віншуюць і ўручаюць Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Было гэта напярэдадні адкрыцця ХХІІІ з’езда КПСС у 1966 годзе. Памятнай для вядомага жывёлавода аказалася і дзевятая пяцігодка, па выніках якой ён выйшаў пераможцам у раённым спаборніцтве. За гэта быў удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. За дбайныя адносіны да даручанай справы Пётр Грыцук неаднаразова заахвочваўся і турыстычнымі пуцёўкамі. У свой час ён пабываў у Польшчы, Балгарыі, дзе знаёміўся са славутымі мясцінамі і жыццём брацкіх народаў. — Аднак нідзе так лёгка і вольна не дыхаецца, як на роднай зямлі, — гаварыў Пётр Якаўлевіч, сустракаючыся з маладым пакаленнем у школах, вясковым клубе. – Родны кут, дзе нарадзіўся і вырас, — самы дарагі і блізкі. Таму трэба заўсёды шанаваць, любіць бацькаўшчыну і памнажаць яе багацці. Так, чалавек даражыў роднай зямлёй і стараўся працаваць так, як таго патрабавала сумленне патрыёта-грамадзяніна. Таму штогод Пётр Якаўлевіч уносіў важкі ўклад у агульную скарбонку калгаса “Радзіма” (цяпер СВК “Імянінскі”). А яшчэ ён быў добрым сем’янінам, выхаваў трое дзяцей. Трыццаць адзін год работы на ферме… Спецыялісты падлічылі, што за гэты час Пётр Якаўлевіч Грыцук адкарміў звыш 8 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. А гэта больш як 4 тысячы тон ялавічыны – цэлы эшалон мяса! Што і казаць, добры след на зямлі і неўміручую памяць пакінуў пасля сябе нашчадкам Герой Сацыялістычнай Працы П.Я. Грыцук. Аляксей СЯРГЕЙ. | |
| Категория: Газетные вырезки | Просмотров: 337 | Добавил: SiteAdmin | |
| Всего комментариев: 0 | |
Источник :«Дрогичинский вестник»





